ДЗЕНЬ БЕЛАРУСКАГА ПIСЬМЕНСТВА: СВЯТА З ГЛЫБОКIМI КАРАНЯМI

У 2023 годзе Беларусь адзначыла юбілейнае, ХХХ свята духоўнасці, нацыянальнай культуры і кнігадрукавання — Дзень беларускага пiсьменства — свята, якое набыло мiжнародны аўтарытэт, якое з нецярплiвасцю чакаюць, за права прыняць якое змагаюцца беларускiя гарады.

Да юбілейнага, трыццатага, Дня беларускага пісьменства ў Гарадку стала на яшчэ адзін незвычайны арт-аб’ект больш. Скульптуру пад назвай “Дрэва беларускага пісьменства” “прапісалі” ў цэнтральным скверы кніжнай сталіцы – 2023, які нядаўна афіцыйна атрымаў назву Вераніцынскі (тэкст и фота — sb.by)

Задума ўзнiкла ў 1990–м, калi ва ўсiм свеце шырока адзначалася 500–годдзе з дня нараджэння славутага першадрукара Францiшка Скарыны. Адбывалася шмат мерапрыемстваў, у грамадстве адчувалася прага да ведаў пра гiсторыю роднага краю, патрэба вяртання да духоўных вытокаў. Тады ў Мiнiстэрстве культуры i друку Беларусi i ўзнiкла iдэя спалучыць набыткi Скарынаўскага свята з традыцыямi ўшанавання нацыянальных святыняў i хрысцiянскiх каштоўнасцей. Iдэя вынесена на абмеркаванне. I вось 25 мая 1994 г. з’явiўся Указ Прэзiдыума Вярхоўнага Савета Беларусi «Аб устанаўленнi свята — Дня беларускага пiсьменства i друку». А 26 сакавiка 1998 г. абнародаваны Указ Прэзiдэнта № 157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях i памятных датах у Рэспублiцы Беларусь», якi пацвердзiў, што Дзень беларускага пiсьменства штогод адзначаецца ў нашай краiне ў першую нядзелю верасня. З гэтага моманту свята атрымала асаблiва шырокi размах i падтрымку на самым высокiм узроўнi.

Манументальна–скульптурная кампазіцыя «Баркулабаўскі летапіс». На пастаменце ўстаноўлена вялізная кніга з выявай знакавых для быхаўскага краю элементаў. На адной “старонцы” – ікона Божай Маці Баркулабаўскай, на другой – фрагмент Баркулабаўскай летапісу, выдатнага помніка беларускага пісьменства XVII стагоддзя.
Дзень беларускага пiсьменства,Быхаў, 2013

Сталiца Дня беларускага пiсьменства выбiраецца штогод — гэта мусiць быць мясцiна з багатай гiстарычнай спадчынай. Першым свята прыняў у 1994 г. Полацк — радзiма Францыска Скарыны. 

Эстафету Полацка прымалi Тураў, Наваградак, Нясвiж, Орша, Пiнск, Заслаўе, Мсцiслаў, Мiр, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнiкi, Ганцавiчы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў, Iванава. Але святочныя мерапрыемствы заўсёды адбываюцца па ўсёй краiне: тэматычныя ўрокi, лекцыi, семiнары, творчыя сустрэчы.

У Дня беларускага пiсьменства ёсць свае традыцыi. Адначасова са святам з’явiлася Рэспублiканская навукова–асветнiцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў». За некалькi дзён да святкавання ў шлях з Дабрадатным агнём ад Гроба Гасподняга выпраўляюцца прадстаўнiкi творчай i навуковай iнтэлiгенцыi, духавенства. Кожны раз — новы цiкавы маршрут, якi заканчваецца ў сталiцы правядзення свята.

Яшчэ адна традыцыя, якой чакаюць, — урачыстае тэатралiзаванае шэсце падчас адкрыцця з удзелам вядомых гiстарычных персанажаў. I абавязкова ў гэты дзень з галоўнай сцэны гучыць прывiтанне Прэзiдэнта гасцям i ўдзельнiкам свята.

Памятны знак выкананы ў выглядзе сонечнага гадзінніка, галоўны элемент якога — замацаванае ў мармуровай чары пяро. Да яе прымацаваны камяні, на якіх выгравіравана назва старажытнага горада, які прыняў XXV Дзень беларускага пісьменства. Памятны знак сімвалізуе сабой сілу роднай мовы, якая аб’ядноўвае беларусаў. »
Дзень беларускага пiсьменства, Іванава, 2018

Дзень беларускага пiсьменства пакiдае пра сябе памяць не толькi ў словах i вобразах, але i ў новых турыстычных аб’ектах. Падчас юбiлейнага, X Дня беларускага пiсьменства ў Полацку ў 2003 годзе адкрыты ўнiкальны помнiк лiтары «ў». У Ганцавiчах з’явiўся помнiк Якубу Коласу i Алея пiсьменства. У Хойнiках, на радзiме народнага пiсьменнiка Беларусi Iвана Мележа, — скульптурная кампазiцыя «Па старонках твораў Iвана Мележа». У Глыбокiм — Сквер славутых землякоў, дзе ўстаноўлены помнiкi васьмi выбiтным асобам, чый лёс звязаны з Глыбоччынай. У Iванава адбылося адкрыццё памятнага знака, прысвечанага XXV, юбiлейнаму, Дню беларускага пiсьменства: стылiзаваны сонечны гадзiннiк, галоўны элемент якога — замацаванае ў мармуровай чашы пяро.

Традыцыйна добрым падарункам гораду, якi прымае свята, з’яўляецца адкрыццё кнiжнай крамы, завяршэнне рэканструкцыi помнiка архiтэктуры, новы будынак бiблiятэкi цi Дома культуры. Напрыклад, незабыўнае ўражанне засталося ва ўдзельнiкаў i гасцей свята ў Шчучыне, калi пасля рэстаўрацыi прыняў першых наведвальнiкаў палац князёў Друцкiх–Любецкiх.

У 2023 г. юбілейнае, ХХХ свята духоўнасці, нацыянальнай культуры і кнігадрукавання прымаў Гарадок Віцебскай вобласці – малая радзіма Канстанціна Вераніцына, аўтара вядомай сатырычна-гумарыстычнай паэмы «Тарас на Парнасе» – помніка беларускай літаратуры ХІХ ст.

Галоўнае, тое, што аб’ядноўвае Дзень беларускага пісьменства у розных гарадах— гэта адчуванне далучанасцi да духоўных каштоўнасцей, якое пакiдае ў душах кожнае свята нацыянальнай культуры.